ПАЛІМЕ́РНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы на аснове высокамалекулярных злучэнняў (звычайна шматкампанентныя і шматфазныя); найважнейшы клас сучасных матэрыялаў. Асн. тыпы П.м. — пластычныя масы і кампазіцыйныя матэрыялы, гума, лакафарбавыя матэрыялы і лакафарбавыя пакрыцці, кляі, кампаўнды палімерныя, герметыкі, палімербетон, валакністыя плёначныя і ліставыя матэрыялы (валакніты, нятканыя матэрыялы, плёнкі палімерныя, скура штучная і да т.п.). Паводле прызначэння падзяляюць на канстр. агульнага прызначэння і функцыян. (напр., фрыкцыйныя і антыфрыкцыйныя, цепла- і электраізаляцыйныя, токаправодныя, антыкаразійныя, магн.). Вызначаюцца шырокімі магчымасцямі рэгулявання саставу, структуры і ўласцівасцей. Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах тэхнікі і тэхналогіі, у сельскай гаспадарцы і быце.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)